Іх можна ўбачыць у летнім небе, часам вельмі высока. Яны ніколі не сядаюць – напрыклад, на правады – як ластаўкі. Адзін за адным, невялікімі зграйкамі, на вялікай хуткасці і з пранізлівымі рэзкімі крыкамі, яны лятаюць вакол і над будынкамі. Галоўным чынам у гарадах і мястэчках, асабліва перад захадам сонца. Свіргулі – гэта суперлетуны. Амаль усё іх жыццё праходзіць у палёце – нават спяць яны ў паветры. Прызямляюцца яны толькі для таго, каб пабыць на гняздзе.
Апярэнне ў свіргулёў цёмна-карычневага колеру, але на фоне неба яно выглядае чорным. Яны маюць завостраныя, падобныя да ляза касы, крылы, і кароткі, з выразкай, хвост. Свіргулёў можна зблытаць з ластаўкамі, але яны - ў адрозненне ад апошніх – ніколі не згібаюць у палёце крылы. Таксама немагчыма ўбачыць, каб свіргулі сядзелі – іх гнёзды схаваны ў дзірках пад дахамі, і яны залятаюць туды і вылятаюць адтуль вельмі хутка. Сядзяць яны толькі пад час наседжвання сваіх яек, што займае каля трох тыдняў.
Свіргулі даволі незвычайныя птушкі з своеасаблівымі прыстасаваннямі да жыцця. І для сваіх памераў - сапраўдныя доўгажыхары. Некаторыя птушкі жывуць да 21 году!
Свіргулі ядуць жамяру, якую яны лапаюць у палёце сваёй раскрытай дзюбай. Пад час доўгай непагадзі, калі злапаць мелкую жамяру ў паветры немагчыма, дарослыя свіргулі адлятаюць у больш багатыя на здабычу месцы, застаўляючы сваіх птушанят у гнёздах. Птушаняты ж здольныя ў такія часіны змяншаць тэмпературу свайго цела і трапляюць у анабіёз – нешта накшталт спячкі, да таго часу, пакуль вернецца пагода і бацькі з кормам.
Лягчэй за ўсё ўбачыць свіргулёў на тэрыторыях, забудаваных шматпавярховымі будынкамі. Бо ў іх яны будуюць свае гнёзды: ў дзірках і шчылінах пад дахамі. Гняздо робіцца з пер’я, кавалкаў травы і мяккіх частак насення, якое здольнае да перамяшчэнняў у паветры. Увесь гэты гнездавы матэрыял збіраецца птушкамі ў паветры і зляпляецца ў матрац уласнай слінай! Запомніце, што свіргулі больш звычайныя ў гарадах, чым у мястэчках ці вёсках. І калі Вы ўбачылі свіргуля ў сельскагаспадарчым ландшафце – хутчэй за ўсё, што Вы памыліліся і насамрэч бачылі ластаўку.
Свіргулі прылятаюць на свае гнездавыя тэрыторыі ў Еўропе ў пачатку мая і вельмі хутка – усяго за нейкіх два тыдні - займаюць іх па ўсяму кантыненту. Але ўжо ў жніўні яны вяртаюцца на зімоўку ў Афрыку.
Папуляцыя свіргулёў у Еўропе даволі шматлікая і стабільная. Але Вы можаце дапамагчы ім, клапоцячыся пра іх гнездавыя тэрыторыі і наваколле. Калі ласка, зазірніце на старонку “Дапамажы птушкам”, каб знайсці, што можна зрабіць.