Like most websites we use cookies. If you're happy with that, just carry on as normal - otherwise to find out more click here.
 
 
 
Галоўная   ›   Белы бусел
sound offsound on
Друкаваць
Даслаць сябру

Белы бусел

Аўтар: П. Пінчук

Ці можаце вы сабе ўявіць, што ёсць птушка, якая праводзіць амаль палову свайго жыцця, стоячы на адной доўгай і чырвонай назе ў сваім гняздзе? А можа недалёка ад вас ёсць падобнае гняздо, збудаванае на даху або дрэве? Гэтая птушка называецца белы бусел. Шмат народаў у Еўропе маюць павер’е, што гняздо белага бусла, збудаванае недалёка ад жылля чалавека, прыносіць уладальнікам гэтага жылля шчасце.
Белы бусел – гэта вялікая і высокая птушка, з доўгай шыяй і чырвонага колеру доўгімі прамымі нагамі і завостранай на канцы дзюбай. Белыя пёры галавы, шыі і цела кантрастуюць з чорнымі пёрамі крылаў, якія на сонцы адсвечваюць зялёным і пурпуровым. Вакол карычневага вока відаць крыху голай скуры чорнага колеру. Самка і самец вельмі падобныя, і адрозніць іх можна толькі па трошкі большых памерах самца. Птушаняты маюць дзюбу шэрага колеру і цьмяна-чырвоныя ногі. Апярэнне іх, у адрозненне ад снежна-белага апярэння бацькоў, мае шараватае адценне.
Вельмі лёгка адрозніць і голас буслоў – своеасаблівае гучнае клацанне дзюбай, падобнае на стук дзвюх драўляных палак.
Прасцей за ўсё бусла можна ўбачыць на яго гняздзе, але таксама лёгка заўважыць гэтых птушак, калі яны палююць на вільготных лугах або на свежаскошаных палетках на грызуноў, земляных чарвякоў, лічынак насякомых, яшчарак і амфібій.
Гнёзды белых буслоў маюць вялікія памеры і звычайна збудаваны на высокіх апорах, якія дазваляюць не толькі добры падлёт да гнязда, але і агляд наваколля.
У Еўропе буслы з’яўляюцца ўжо ў сакавіку, а адлятаюць на зімоўку да канца жніўня.
Еўрапейскія белыя буслы робяць свае гнёзды на людскіх збудаваннях яшчэ з Сярэднявечча. Гнёзды можна знайсці на дахах дамоў і гаспадарчых пабудоў, комінах, воданапорных вежах, слупах электра- і тэлефоннай сувязі, мурах і спецыяльна збудаваных для буслоў пляцоўках. Звычайна буслы кожны год вяртаюцца на сваё ранейшае месца гнездавання або гняздуюцца недалёка ад яго. Такім чынам, некаторыя месцы выкарыстоўваюцца птушкамі на працягу сотняў гадоў! Маладыя птушкі стараюцца гнездавацца як мага бліжэй да тых мясцін, дзе яны вылупіліся.
На жаль, буслы сустракаюцца не ва ўсіх еўрапейскіх краінах. На працягу апошняга стагоддзя іх колькасць знізілася. Прычынай гэтага, напэўна, з’яўляецца змена клімату ў сукупнасці з асушваннем вільготных тэрыторый. Вы можаце дапамагчы белым буслам. Як гэта зрабіць, глядзіце, калі ласка, у раздзеле “Дапамажы птушкам”.


Фота: П. Пінчук

Spring Alive is supported by

HC Group