Like most websites we use cookies. If you're happy with that, just carry on as normal - otherwise to find out more click here.
 
 
 
Галоўная   ›   Пра міграцыю
Друкаваць
Даслаць сябру

Пра міграцыю

«Жывая вясна» — міжнародны праект, мэта якога прыцягнуць увагу і цікавасць дзяцей і дарослых да прыроды і да захавання пералётных птушак. Птушкі, якія адлятаюць у вырай, вясной пераадольваюць тысячы кіламетраў на цяжкім шляху дадому. 
Вестунамі «Жывой вясны» абраны сем птушак, якіх адносна лёгка пазнаць: белы бусел, вясковая ластаўка, чорны свіргуль, звычайная зязюля і шчурка-пчалаедка, ластаўка-зямлянка і вялікі зуёк, які дадаўся да гэтага спісу сёлета.
Кожнае назіранне заносіцца на адмысловую карту, якую людзі з розных краін свету складаюць разам. Гэта анлайн-карта падарожжаў птушак з поўдня на Радзіму на сайце springalive.net. З кожным днём назіранняў будзе ўсё больш, і паступова колер краін на карце будзе змяняцца. Чым больш у нейкай краіне назіранняў, тым больш інтэнсіўным колерам яна зафарбаваная. Так мы зразумеем, калі прыйшла сапраўдная вясна!
Адна з найбольш дзіўных здольнасцей птушак звязана з фактам, што кожны год яны вандруюць на тысячы кіламетраў, каб перачакаць зіму ў больш спрыяльным – цяплейшым і багацейшым на ежу – клімаце. Найбольш экстраардынарна тут тое, што кожны год птушкі збіраюцца ў групы і ляцяць чародамі або клінам – як яны ведаюць куды ляцець, калі трэба адлятаць і калі - вяртацца? Як яны здольныя выжываць падчас доўгага і небяспечнага падарожжа, як яны ведаюць, што будзе спрыяльнае для пералёту надвор’е? І як яны пераадольваюць моцныя вятры? Гэтыя пытанні непакоілі людзей стагоддзямі. Сёння, дзякуючы навуковым даследаванням, мы ведаем пра міграцыі птушак як ніколі шмат. Але і цяпер гэта застаецца адным з найбольшых вядомых нам цудаў прыроды.
Дык чаму птушкі мігруюць?
Большасць птушак мігруе, каб знайсці для сябе дастаткова ежы. Бо ўзімку ў Еўропе цяжка знайсці “летнюю” ежу – насякомых, плады, некаторыя гатункі насення. Але такой ежы шмат у іншых частках Свету – там, дзе пануе больш цёплы і лагодны клімат. Вы адразу можаце задаць пытанне – а чаму ж тады “нашы” птушкі круглы год не жывуць у тых мясцінах? Адказ вельмі просты – на поўначы, дзе лета лагоднае і дні працяглыя, нашмат лягчэй вырасціць патомства, чым на гарачым поўдні, дзе поўна канкурэнтаў і драпежнікаў. Міграцыі робяць выжыванне птушак як відаў больш лёгкім, нягледзячы на тое, што некаторыя з іх гінуць падчас пералётаў.
А птушкі рыхтуюцца да міграцыі?
Каб перажыць міграцыю, птушка павінна быць здаровай, мець шмат тлушчу і свежае пер’е. Па заканчэнні гнездавання і перад пачаткам міграцыі ў арганізме птушак адбываецца сапраўдная перабудова. Тлушч пад скурай птушкі накопліваецца па ўсім целе. Ён будзе выкарыстоўвацца як крыніца неабходнай арганізму энергіі падчас вандроўкі, зберагаючы час, які інакш птушка павінна была б траціць на пошук харчавання. Таксама, да пачатку вандроўкі ўсё пер’е птушкі мяняецца. Зношанае і сапсаванае за гнездавы сезон пер’е на крылах і хвасце, вельмі важнае для пералёту, выпадае і замяняецца новым.
Калі птушкі адлятаюць і як яны ведаюць, што гэта адпаведны час?
Птушкі пачынаюць адлятаць, калі заўважаць першыя праявы набліжэння зімы: дні становяцца больш кароткімі, а тэмпература паветра змяншаецца. Стан надвор’я таксама важны фактар, які дапамагае птушкам вырашыць – адлятаць цяпер ці пазней. Бо, каб ляцець на вялікую адлегласць, птушкам патрэбна стабільнае і лагоднае надвор’е. Важны і ўзровень гармонаў, які ёсць адным з паказнікаў зменаў, што адбываюцца ў целе птушкі на працягу гадавога цыклу яе жыцця. Узровень гармонаў дапамагае птушцы выбраць адпаведны момант і для лінькі, і для адлёту на поўдзень.
Як яны ведаюць - куды ляцець?
Падчас пералёту птушкі атрымліваюць шмат інфармацыі ад наваколля, над якім яны пралятаюць. Аднак тры найбольш важныя крыніцы інфармацыі для іх - гэта сонца, зоркі і магнітнае поле Зямлі. Яны дазваляюць птушкам зразумець, дзе тыя знаходзяцца ў дадзены момант, і выбраць правільны кірунак. Птушкі назіраюць за размяшчэннем зорак і Сонца падчас палёту. Таксама яны адчуваюць змены ў магнітным полі планеты дзякуючы спецыяльнаму рэцэптару, які знаходзіцца адразу за іх дзюбай. Падчас свайго першага пералёту птушкі вучацца карыстацца гэтай інфармацыяй.

Заклікаем усіх часцей выходзіць на прыроду і прыглядацца да птушак. Калі вы ўбачыце ці пачуеце птушак «Жывой вясны» – зарэгіструйце назіранні на сайце «Жывой вясны» пры дапамозе формы "Дадаць назіранне". Сустрэнем птушак разам!

Spring Alive is supported by

HC Group