Ці бачылі Вы калі-небудзь зязюлю? Не хвалюйцеся, калі пакуль не бачылі – гэта вельмі асцярожныя і скрытныя птушкі. Але Вы напэўна чулі яе голас!
І калі Вы памятаеце вельмі характарыстычнае “ку-ку, ку-ку” – гэта голас самца зязюлі, які гэтым крыкам абвяшчае аб сваёй прысутнасці іншым самцам і прыцягвае увагу самкі.
Калі ж Вам пашчасціць убачыць зязюлю, гэта будзе памерам з туркаўку птушка з попельна-шэрым верхам і белым нізам цела, перакрэсленым шматлікімі цёмнымі гарызантальнымі рыскамі. Гэтай афарбоўкай яна падобная да шулякоў, асабліва да шуляка-карагольчыка. Ад якога адрозніваецца формай хваста і завостранымі крыламі, цёмнай афарбоўкай горла і характарам палёту. Хутчэй за ўсё, Вы зможаце заўважыць яе цёмны сілуэт пад час хуткага і прамалінейнага палёту недалёка ад узлеску.
Зязюлі прылятаюць з Афрыкі ў Еўропу, каб тут сустрэць партнёра і размнажацца, але для гэтага яны выкарыстоўваюць не вельмі звычайны спосаб. Яны не толькі не будуюць гнёздаў, але і не наседжваюць свае яйкі – самкі зязюляў падкладваюць іх у гнёзды іншых птушак. Розныя самкі зязюляў спецыялізуюцца на падкладанні яек розным відам і маюць адпаведную, падобную да яек гаспадароў, афарбоўку яек. Часам з-за таго, што яйка зязюлі апынулася ў гняздзе нашмат меншых памерамі гаспадароў, вялізнае птушаня зязюлі забяспечваецца ежай меншымі за яго “бацькамі”, якія блытаюць яго з уласнымі дзецьмі. Каб не мець непатрэбных яму канкурэнтаў, птушаня зязюлі вылупліваецца раней за птушанят гаспадароў, і выпіхвае іх яйкі з гнязда.
Зязюлі толькі размнажаюцца ў Еўропе, таму пачуць і ўбачыць іх у нас можна толькі летам. Астатні час яны бавяць на зімоўцы ў Афрыцы.
Зязюлі - даволі звычайны від і распаўсюджаны ў розных месцах: у лясах і ў адкрытых ландшафтах аж да пачатку гор. Еўрапейская папуляцыя зязюлі даволі вялікая і знаходзіцца ў добрым стане. Але Вы павінны памятаць, што яна залежыць ад іншых відаў птушак, стан якіх можа змяняцца не ў лепшы бок. Калі Вы хочаце дапамагчы зязюлям, калі ласка зазірніце на раздзел “Дапамажы птушкам”.